ЭЛЕКТРО́ННА-АПТЫ́ЧНЫ ПЕРАЎТВАРА́ЛЬНІК,

вакуумная фотаэлектронная прылада для пераўтварэння нябачнага вокам відарыса аб’екта (у інфрачырв., ультрафіялетавых ці рэнтгенаўскіх прамянях) у бачны, а таксама для ўзмацнення яркасці бачнага відарыса. Асн. характарыстыкі: інтэгральная адчувальнасць, раздзяляльная здольнасць, каэфіцыент пераўтварэння.

Найпрасцейшы Э.-а.п. мае паўпразрысты фотакатод, электроды для фарміравання электроннага пучка і люмінесцэнтны экран. Зыходны відарыс з дапамогай фотакатода пераўтвараецца ў электронны, электроны, выбітыя з фотакатода, паскараюцца эл. полем, факусіруюцца на экране і выклікаюць люмінесцэнцыю, у выніку на экране ўзнікае бачны (другасны) відарыс аб’екта. Э.-а.п. выкарыстоўваецца ў інфрачырв. тэхніцы, спектраскапіі, медыцыне, ядз. фізіцы, тэлебачанні і інш.

т. 18, кн. 1, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)